Нашы выданні 2018 года
Выдавецтва

«ЮрСаПрынт»

Гародня

Нашы

выдавецкія

тыпаграўскія

і

паліграфічныя

паслугі

з

2010

года

Лічбавы

лезерны
каляровы

и

чорна-белы

друк

Васіль
Герасімчык
«КАНСТАНЦІН
КАЛІНОЎСКІ:
АСОБА
І
ЛЕГЕНДА»

Васіль Герасімчык, «КАНСТАНЦІН КАЛІНОЎСКІ: АСОБА І ЛЕГЕНДА»

КАНСТАНЦІН КАЛІНОЎСКІ: АСОБА І ЛЕГЕНДА

     

Аўтар: Васіль Герасімчык.
Загаловак: «КАНСТАНЦІН КАЛІНОЎСКІ: АСОБА І ЛЕГЕНДА».
Вокладка: мяккая.
Колькасць старонак: 230.
Памер: 140x200 мм.
Кошт: 15 руб. (пры набыцці ў нашым офісе*).
Дзе набыць: спіс нашых гандлёвых партнёраў.

     

Замест прадмовы

19 лістапада 1863 г. прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Аўраам Лінкальн, выступаючы на палітым крывёю тысяч амерыканцаў месцы бітвы пад Гетысбергам, сказаў прамову, у якой памянуў жаўнераў, якія загінулі за дэмакратычную будучыню сваёй краіны. Пакуль фатограф беспаспяхова спрабаваў усталяваць сваю апаратуру, каб захаваць аблічча амерыканскага прэзідэнта для гісторыі, Лінкальн ужо скончыў прамову векапомнымі словамі: “Урад, створаны народам, з народа і для народа, ніколі не знікне з твару зямлі”.

Яшчэ за год да таго, восенню 1862 г., тую самую думку яшчэ больш ёмка сфармуляваў малады юрыст з ваколіц Гродна Вікенцій Канстанцін Каліноўскі. У чарговым нумары “Мужыцкай праўды”, якую таемна чыталі мясцовыя сяляне, Каліноўскі ў асобе Яські-гаспадара з-пад Вільні сказаў проста: “Не народ для ўрада, а ўрад для народа”.

Феномен Кастуся Каліноўскага гісторыкі спрабавалі “патлумачыць” па-рознаму. Для расійскага афіцыёзу ХІХ ст. тое быў фанатык-рэвалюцыянер з кагорты Герцэна і іншых, хто клікаў Русь “да сякеры”. Палякі ўспаміналі пра Каліноўскага як пра патрыёта Рэчы Паспалітай. А некаторыя сучасныя “исследователи” любяць наваліць на Каліноўскага ўсе грахі адразу: маўляў, і “фанатык”, і “рэвалюцыянер”, і “паляк”, і проста нехарошы чалавек ва ўсіх сэнсах. Праўда, ведання гісторыі ў такіх тэкстах зусім і няма. Пішучы гэтыя тэксты, іх аўтары не даследуюць гісторыю, яны проста вядуць інфармацыйную вайну супраць беларускага народа і супраць нашай дзяржавы.

Кніга, якую чытач трымае ў руках, напісана з глыбокім веданнем тэмы. І хаця гэта першая кніга аўтара, аднак Васіль Герасімчык напісаў і апублікаваў дзясяткі тэкстаў па гісторыі паўстання 1863–1864 гг. у сваім блогу і разнастайных газетах і часопісах. Усе яны напісаныя з глыбокім веданнем крыніц і літаратуры, бо Васіль не адзін год правёў у архівах ды бібліятэках.

Кастусь Каліноўскі ў гэтай кнізе вельмі розны – хіба што такі, якім быў у сваім жыцці. Недзе ён вагаецца, недзе, магчыма, занадта катэгарычны і супярэчлівы, але ён нідзе не баіцца, не схіляе галаву, не спрабуе схавацца ад адказнасці або выратаваць сабе жыццё коштам іншых. Для кароткіх 26 гадоў жыцця і для эшафоту з вісельняй у канцы жыццёвага шляху нават гэтага ўжо не так і мала.

Беларусы згадваюць “пра Яську свайго” пастаянна і будуць згадваць яшчэ не адзін дзясятак, а мо і не адну сотню гадоў. Хай гэтая кніга будзе яму яшчэ адным сціплым успамінам.

Андрэй Вашкевіч.

     

Зварот да чытачоў ад аўтара

Канстанцін Каліноўскі пражыў усяго 26 гадоў, паспеўшы ператварыць сваё імя ў сапраўдны сімвал, да якога, як да гаючай крыніцы, беларусы прыкладаюцца ў самыя цяжкія часіны ўласнай гісторыі. Яго свядомасць гартавалася ў складаны, насычаны падзеямі перыяд ад “Вясны народаў” да грамадзянскай вайны ў ЗША – час, багаты на разнастайныя новыя тэорыі. Менавіта на хвалі падтрымкі паўстання 1863–1864 гадоў у Лондане было ўтворана Міжнароднае таварыства працоўных (Інтэрнацыянал) на чале з Карлам Марксам, сярод кіраўнікоў якога быў паплечнік Каліноўскага Валерый Урублеўскі. Нездарма ў вачах сучаснікаў Канстанцін Каліноўскі прадстае асобай выключнай, прыхільнікам новых, нават “камуністычных” ідэй, сярод якіх важнейшай было імкненне да сацыяльнай справядлівасці і абарона простага “мужыцкага” народа, інтарэсамі якога грэбавалі як “белыя”, так і “чырвоныя”.

Моцны ўплыў на Каліноўскага зрабіў асабісты досвед праз выхаванне ва ўмовах кантактаў з беларускім сялянствам, дапамогу бацьку падчас працы ў маёнтку ў Якушоўцы, а таксама “хаджэнне ў народ” у 1861–1862 гадах. Да гэтага дадаваўся адбітак ідэй польскіх і рускіх рэвалюцыянераў-дэмакратаў, у першую чаргу федэратыўная тэорыя А. Герцэна і “ўсяўладства ўсіх” Станіслава Ворцэля. Таксама яму былі блізкія ідэі панславізма, шырока распаўсюджаныя ў таемнай вайсковай арганізацыі Серакоўскага-Дамброўскага, у якую ўваходзілі браты Каліноўскія.

Пад уплывам старэйшага брата Віктара Канстанцін зацікавіўся гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага (“Літвы”), стаў усведамляць яго адрознасць ад Кароны Польскай і бачыць асаблівасці яго жыхароў, у тым ліку ў наяўнасці “крывіцкай (беларускай) мовы”. Пры гэтым ён ні ў якім разе не быў праціўнікам аднаўлення Рэчы Паспалітай, баючыся толькі прыходу да ўлады ў ёй арыстакратаў-эмігрантаў. Менавіта гэтым было выклікана яго першапачатковае імкненне стварыць у Беларусі і Літве асобны цэнтр паўстання, які нават у выпадку перамогі ў Кароне Польскай “контррэвалюцыянераў” павінен быў працягнуць справу сапраўднай рэвалюцыі, пад якой разумелася стварэнне дэмакратычнай дзяржавы з ліквідацыяй сацыяльнай няроўнасці і падзелу грамадства на саслоўі.

У вачах сучаснікаў ён атаясамліваўся з “фанатыкам рэвалюцыйнай ідэі”, які імкнецца дасягнуць мэты любымі сродкамі, у тым ліку за кошт ажыццяўлення тэрарыстычных дзеянняў у адносінах праціўнікаў. У выніку ў асяродку мясцовых памешчыкаў і шляхты, якіх ён прымушаў дзейнічаць у адпаведнасці з узятай на сябе адказнасцю пасля здзейсненага “белага” перавароту, яго баяліся і называлі “пачварай”. У спалучэнні з абаронай “мужыкоў” і “літоўскім сепаратызмам” гэта стала перашкодай для ўпісання Канстанціна Каліноўскага ў польскі пантэон герояў паўстання 1863–1864 гадоў. А ў 1916 годзе яго ў якасці напалову міфічнага “Справядлівага” ўключыў у беларускую гісторыю Вацлаў Ластоўскі.

Паступова, пад уплывам непаразуменняў з лідарам беластоцкага “Кола” Браніславам Шварцэ, прадстаўнікамі Літоўскага камітэта, канфлікту з варшаўскім Цэнтральным нацыянальным камітэтам у Каліноўскага выкрышталізоўвалася ідэя стварэння асобнай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі і Літвы, якая ўжо пасля паўстання павінна вырашыць пытанне наконт федэрацыі з Польшчай і Расіяй. Але пасля таго, як у канцы лета 1863 года варшаўскі камісар Оскар Авейдэ перад самім сваім арыштам пайшоў на саступкі ў прызнанні самастойнасці Вільні ў пытаннях паўстання і Канстанцін Каліноўскі стаў фактычным дыктатарам (кіраўніком) у Беларусі і Літве, ён відазмяніў гэтую ідэю, разумеючы непадрыхтаванасць “мужыцкага племені” да поўнай незалежнасці, і таму лічыў неабходным падпарадкаванне “польскаму ўраду” пры ўмове атрымання самакіравання беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў у складзе адроджанай Рэчы Паспалітай. Апошняе яму і гарантаваў Авейдэ. Пры гэтым у тэкстах Каліноўскага фігуруюць як паняцці і самастойныя гістарычныя суб’екты і Беларусь, і беларусы, і беларуская мова, і спадзяванне на адкрыццё беларускамоўных школ.

Пад уплывам развіцця падзей паўстання і ўспрымання яго ўласна ў Расіі змянілася стаўленне Каліноўскага і да маскоўскага народа. Яшчэ 1 студзеня 1863 года Каліноўскі лічыў “маскоўскі народ” сваім саюзнікам: “Народ маскоўскі скаланаецца ад нашай векавой крыўды. Ён свабодным братам нашым, а не прыгнятальнікам быць жадае і адказнасць перад нашчадкамі за нашу жалезную няволю рашуча ўскладае на гатовы пасці царызм”. Але ўсяго праз год яго погляды на гэты конт змяніліся – з усведамленнем таго, што пад уплывам мангола-татарскага ярма і царскага прыгнёту ў маскоўскім народзе ўкаранілася няволя, якую цяпер ён намагаецца зрабіць часткай свядомасці і іншых падпарадкаваных народаў: “Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі, – адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу”. Адсюль вынікала: “тагды толька зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжэ не будзе”.

Каліноўскі ў “Лістах з-пад шыбеніцы” пакінуў свой запавет, адрасаваны не столькі сучаснікам, колькі нашчадкам. Яго запал падтрымала “пакаленне 1863-га” ў асобах кшталту Францішка Багушэвіча, якое “стварала Беларусь” ужо амаль што ў сучасным разуменні гэтага слова. У тым, што Каліноўскі відавочна адрозніваў “татэйшае” насельніцтва ад суседзяў, няма ніякага сумніву. Відавочная і ягоная паступовая эвалюцыя ў бок беларускасці. Высветліць дэталі гэтага працэса вельмі складана, паколькі нельга забываць, што і “Мужыцкая праўда” хутчэй за ўсё з’яўляецца калектыўнай працай які мінімум некалькіх ідэолагаў паўстання.

Канстанцін Каліноўскі, выхаваны ва ўмовах польскай культуры і панавання польскай мовы, здолеў усвядоміць сваю прыналежнасць да “мужыцкага народа”. Яго погляды ў пытанні сацыяльнай справядлівасці перапляліся з нацыянальным пытаннем, у вырашэнні якога ён з паплечнікамі ўзняў пытанне ідэнтычнасці дадзенага этнасу, першапачаткова акрэсліўшы яго як “літоўцы”, пазней замененага на “беларусы”. Гэтаму паспрыялі кантакты з дзеячамі паўстання на тэрыторыі сённяшняй Літвы, якія таксама ўздымалі падобныя пытанні. У выніку Каліноўскі акрэсліў свой народ імем “Беларусы”, у імя якога прыносіў сябе ў ахвяру: “Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, – але не жаль загінуць за тваю праўду”.

Кастусь Каліноўскі загінуў з клічам на вуснах: “У нас няма дваран, усе роўныя”. 26-гадовы юнак у самым росквіце сілаў свядома адмаўляўся ад спакойнага жыцця ў імя вышэйшай мэты – “праўда, свабода і багацце” ўласнага народа. Нездарма яго сучаснік польскі паўстанец Яноўскі называў Каліноўскага “сапраўдным апосталам беларускага народа”, а пісьменнік Уладзімір Караткевіч адзначаў, што Каліноўскага можна назваць беларусам, узгадаўшы толькі адныя яго перадсмяротныя словы па-беларуску, якія чалавек ніколі не напіша на чужынскай мове.

Вельмі прыкра і небяспечна для нашай Рэспублікі, што сёння як ніколі моцныя сілы, якія імкнуцца забрудзіць імя чалавека, якое ўжо ў ХХ ст. стала легендай, сімвалам змагання нашага народа з самымі разнастайнымі захопнікамі. Бо з імем Каліноўскага беларускія партызаны змагаліся з фашыстамі, яму прысвячалі вершы падпольшчыкі ў Заходняй Беларусі. Кастусь Каліноўскі прыходзіць на дапамогу свайму народу ў самыя складаныя часы нашай гісторыі. І можа, акурат цяпер ізноў надышоў такі час. Нездарма на Раство 2017 года на Замкавай гары ў Вільні з зямлі паказаліся косткі змагароў, забітых і пахаваных у безыменных магілах герояў паўстання 1863–1864 гадоў. І першы сярод іх быў Кастусь Каліноўскі – Вялікі сын беларускага народа.

Васіль Герасімчык.

     

Фрагмент №1 кнігі Васіля Герасімчыка «КАНСТАНЦІН КАЛІНОЎСКІ: АСОБА І ЛЕГЕНДА»
Фрагмент №2 кнігі Васіля Герасімчыка «КАНСТАНЦІН КАЛІНОЎСКІ: АСОБА І ЛЕГЕНДА»
Фрагмент №3 кнігі Васіля Герасімчыка «КАНСТАНЦІН КАЛІНОЎСКІ: АСОБА І ЛЕГЕНДА»
Фрагмент №4 кнігі Васіля Герасімчыка «КАНСТАНЦІН КАЛІНОЎСКІ: АСОБА І ЛЕГЕНДА»
Фрагмент №5 кнігі Васіля Герасімчыка «КАНСТАНЦІН КАЛІНОЎСКІ: АСОБА І ЛЕГЕНДА»
Фрагмент №6 кнігі Васіля Герасімчыка «КАНСТАНЦІН КАЛІНОЎСКІ: АСОБА І ЛЕГЕНДА»
Фрагмент №7 кнігі Васіля Герасімчыка «КАНСТАНЦІН КАЛІНОЎСКІ: АСОБА І ЛЕГЕНДА»
Фрагмент №8 кнігі Васіля Герасімчыка «КАНСТАНЦІН КАЛІНОЎСКІ: АСОБА І ЛЕГЕНДА»
Фрагмент №9 кнігі Васіля Герасімчыка «КАНСТАНЦІН КАЛІНОЎСКІ: АСОБА І ЛЕГЕНДА»
Фрагмент №10 кнігі Васіля Герасімчыка «КАНСТАНЦІН КАЛІНОЎСКІ: АСОБА І ЛЕГЕНДА»

Спампаваць кнігу Васіля Герасімчыка «КАНСТАНЦІН КАЛІНОЎСКІ: АСОБА І ЛЕГЕНДА» (у фармаце pdf)

Спампаваць кнігу Васіля Герасімчыка «КАНСТАНЦІН КАЛІНОЎСКІ: АСОБА І ЛЕГЕНДА» (у фармаце epub)

     

     

*Сайт usp.by не з'яўляецца інтэрнэт крамай.
Мы ажыццяўляем раздробны гандаль нашай прадукцыяй у нашым офісе, размешчаным па адрасе: г. Гродна, вул. Карла Маркса, 11.
На сайце прадстаўлены каталог нашых кніжных выданняў; на ім адсутнічаюць: кошык заказаў, магчымасць замовы online, аплата за тавар дыстанцыйным шляхам.
Набыццё нашых выданняў, прадстаўленых у каталогу нижэй, магчыма ў нашым офісе.
Спосабы аплаты: наяўны разлік, банкаўская карта, безнаяўны разлік.