Выдавецтва «ЮрСаПрынт» Гродна
Нашы выданні
2019 года
Д. М. Лебядзевіч
«Антычная літаратура ў імёнах, тэрмінах і назвах»

Д. М. Лебядзевіч, слоўнік-даведнік «Антычная літаратура ў імёнах, тэрмінах і назвах»

Антычная літаратура ў імёнах, тэрмінах і назвах, слоўнік-даведнік

     

Аўтар: Д. М. Лебядзевіч.
Загаловак: «Антычная літаратура ў імёнах, тэрмінах і назвах», слоўнік-даведнік.
Вокладка: мяккая.
Колькасць старонак: 200.
Кошт: 6 руб. (кошт арыентыровачны, пры набыцці ў нашых гандлёвых партнёраў).
Дзе набыць: спіс нашых гандлёвых партнёраў.

     

Анатацыя

Антычнасць успрымаецца сучасным чалавекам як першы вопыт еўрапейскай цывілізацыі, яе пачатковы этап і разам з тым як яе фундамент. Неабходнасць выкарыстання набыткаў антычнасці як важнага зыходнага моманту для станаўлення і развіцця еўрапейскай літаратуры не падлягае сумненню. Да нашых дзён даследчыкі слоўнага мастацтва многіх краін паважліва ставяцца да твораў антычных аўтараў. Але чаму створаная старажытнымі грэкамі культура прымушае нас зноў звярнуцца да яе. «І ўсе з-за чаго ? З-за Гекубы», калі сказаць гэта словамі шэкспіраўскага Гамлета. Але што нам Гекуба, што мы Гекубе, «каб аб ей рыдаць?». Тым не менш, яе лёс, як лёс Геракла і Праметэя, Ахілеса і Гектара, Антыгоны і Медэі не абыякавы нам. Бо свет антычнасці – вечны, як само жыцце, гарманічны і ідэальны, як тая крыніца, якая раз-пораз наталяе і наталяе нас першазданнасцю, свежасцю, светласцю, вечнай чароўнасцю.

Еўрапейская літаратура, культура, тэатр, архітэктура, скульптура былі б некалькі іншымі, не такімі шматаспектнымі, калі б не антычная спадчына, якая ўплывала на іх то непасрэдна, то ўскосна, то вельмі моцна, то паслаблена, але бесперапынна, на працягу многіх стагоддзяў.

Ці мае каштоўнасць для сучаснага чалавека вывучэнне антычнага свету і яго культуры? Адказ на гэта пытанне можна даць пасля выяўлення ролі і значэння антычнасці ў генэзісе і развіцці сучаснай літаратуры і культуры.

Як вядома, культурная спадчына Старажытнай Грэцыі пазней была засвоена і перапрацавана, развіта далей Старажытным Рымам, чыя літаратура ў адрозненне ад старажытнагрэчаскай, сталася літаратурай вялікай сусветнай дзяржавы, а не маленькіх гарадоў-полісаў. Першыя літаратурныя помнікі на старажытнагрэчаскай мове з’яўляюцца ў VIII ст. да н.э., а на лацінскай– пад непасрэдным уплывам грэчаскай культуры–у III ст. да н.э. З гэтага часу старажытнагрэчаская і лацінская літаратура развіваюцца ў цеснай сувязі аж да IV-V стст.н.э. – канца антычнасці, пачатку падзелу Рымскай імперыі на Заходнюю і Ўсходнюю (395г.) і падзення Рыма (476г.). Пасля гэтага лацінская літаратура працягвае сваё існаванне ўжо ў новых умовах еўрапейскага Сярэднявечча, а грэчаская ў межах культуры Візантыі.

З гісторыі антычнай літаратуры на факультэце філалогіі пачынаецца вывучэнне літаратуразнаўчых дысцыплін. Паралельна з гэтым курсам чытаюцца фальклор, уводзіны ў літаратуразнаўства, старажытная беларуская літаратура. Хоць антычная літаратура і з’яўляецца часткай сусветнай літаратуры і многія прыкметы збліжаюць яе з літаратурамі пазнейшымі, аднак яна ўяўляе сабой ідэалагічную форму істотна аддаленай ад нас сацыяльна-эканамічнай фармацыі, і таму пры яе вывучэнні неабходна строга прытрымлівацца прынцыпу гістарызму

Спецыфіка развіцця антычнай літаратуры (і асабліва старажытнагрэчаскай) заключаецца ў тым, што літаратура гэта асаблівага тыпу: з’яўляючыся першай літаратурай у Еўропе, яна яшчэ не магла абапірацца на папярэднія літаратурныя традыцыі, а вырастала непасрэдна з міфалогіі. Усякая мадэрнізацыя, навязванне антычнасці неўласцівых ёй ўяўленняў і паняццяў прыводзіць да адвольнага тлумачэння і скажэння сутнасці асобных літаратурных фактаў і літаратурнага працэсу ў цэлым

Пры выкладанні гэтага курса вялікія цяжкасці выклікае той факт, што студэнты не ведаюць твораў пісьменнікаў таго часу. Але выкладчык вымушаны, раскрываючы праблему, толькі ў агульных рысах звяртацца да зместу літаратурных твораў, пакідаючы больш дэталёвае азнаямленне з тэкстам для самастойнай работы і для аналізу на семінарах і калоквіумах.

Важным з’яўляецца пытанне аб вучэбных планах, у якіх вызначана месца літаратуры і культуры антычнасці ў сістэме філалагічнай адукацыі студэнтаў. Размова тут ідзе аб антычнай літаратуры як аб агульнаадукацыйнай дысцыпліне пры падрыхтоўцы спецыяліста-філолага, так і аб фарміраванні адукаванага чалавека.

Асноўныя недахопы праграм, вучэбных дапаможнікаў і саміх курсаў – перанасычанасць інфармацыяй, імкненне да назапашання ўніверсальных звестак пра культуру антычнага свету, яе аўтараў і іх твораў, ігнараванне феномена літаратурнай творчасці асобных пісьменнікаў.

Задача выкладчыка, якія чытае гэты курс, заключаецца не толькі ў тым, каб многае адкрываць для сябе і сістэматызаваць ранейшыя звесткі, а і ў тым, каб захапіць студэнтаў, улюбіць у гэты курс, выклікаць цікавасць настолькі, каб студэнты імкнуліся самастойна пашыраць свае веды па прадмету. Як вядома, веды, атрыманыя ў выніку асабістага пошуку, з’яўляюцца найбольш каштоўнымі і трывалымі. Вывучэнне канкрэтнай праблемы пашырае кругагляд студэнтаў у галіне тэарэтычных ведаў, паглыбляе іх веды па курсу, выяўляе здольнасць да самастойнага даследавання.