Выдавецтва
«ЮрСаПрынт»
Гародня

Нашы
паслугі
паліграфіі

Нашы
выданні
2010 -
2015
гадоў

АЛЯКСАНДР
ГОРНЫ
«Сінодзік
пацярпелых
за веру
і
Царкву
Хрыстовую
ў
Гродзенскай
епархіі
(ХХ стагоддзе)»

АЛЯКСАНДР ГОРНЫ, «Сінодзік пацярпелых за веру і Царкву Хрыстовую ў Гродзенскай епархіі (ХХ стагоддзе)»

Сінодзік пацярпелых за веру і Царкву Хрыстовую ў Гродзенскай епархіі (ХХ стагоддзе)

     

Аўтар: АЛЯКСАНДР ГОРНЫ.
Загаловак: «Сінодзік пацярпелых за веру і Царкву Хрыстовую ў Гродзенскай епархіі (ХХ стагоддзе)».
Вокладка: мяккая.
Колькасць старонак: 148.

     

ПРАДМОВА выдання

Вывучэнне жыцця і подзвіга пакутнікаў за веру з’яўляецца адной з галоўных задач царкоўнагістарычных даследаванняў. Невыпадкова айцы Царквыпадкрэслівалі, што з’ява мучаніцтва адкрывае многім пакаленням ідэал сапраўднага духоўнага жыцця, а кроў мучаніка ёсць насенне Царквы, якое няспынна пашыраецца дзякуючы іх малітвам. Менавіта таму ў Беларускай Праваслаўнай Царкве надаюць значную ўвагу даследаванням лёсаў праваслаўных падзвіжнікаў беларускай зямлі. У апошнія гады найбольш актуальным з’яўляецца раскрыццё новых старонак гісторыі Царквы, звязаных з жыццём навамучанікаў і спаведнікаў, якія сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій у ХХ стагоддзі. Дзеля гэтага, у лістападзе 2006 г. рашэннем Сінода БПЦ была створана Камісія па кананізацыі, у межах якой вядзецца актыўная дзейнасць па збору і захаванню інфармацыі аб рэпрэсаваных царкоўнаслужыцелях. Прадстаўнікі Камісіі актыўна супрацоўнічаюць з прафесійнымі гісторыкамі, навуковымі ўстановамі, архіўнымі службамі дзеля максімальна аб’ектыўнага раскрыцця праблемы. У выніку гэтай працы свет пабачылі шэраг мартыралогаў і сінодзікаў навамучанікаў ХХ стагоддзя, звязаных сваім лёсам з Беларуссю.

На працягу некалькі гадоў у Гродзенскай епархіі БПЦ ажыццяўляўся збор матэрыялаў і дакументаў аб свяшчэнна- іцаркоўнаслужыцелях, рэпрэсаваных у ХХ стагоддзі. Вынікам гэтай працы з’яўляецца дадзеная кніга, пад вокладкай якой змешчаны жыццяпісы 91 прадстаўніка белага і чорнага духавенства, міран. Усе асобы з гэтага спісу звязаны з тэрыторыяй сучаснай Гродзенскай епархіі – месцам свайго нараджэння альбо пастырскага служэння.

Біяграфіі свяшчэнна- і царкоўнаслужыцеляў, надрукаваныя ў Сінодзіку, можна ўмоўна падзяліць на чатыры групы. У першую групу ўваходзяць праваслаўныя святары, якія праследаваліся польскімі ўладамі ў Заходняй Беларусі ў 1921 – 1939 гг. Асноўнымі формамі пакарання для гэтай групы духавенства былі адмовы ўладаў ў выдачы польскага грамадзянства, адмовы ў служэнні на прыходах, заключэнне пад варту, дэпартацыі. Да другой групы належаць свяшчэннаслужыцелі, забітыя мясцовымі дэзарганізаванымі элементамі ў верасні 1939 г., пасля ўсталявання савецкай ўлады ў Заходняй Беларусі. Трэцюю групу прадстаўляюць асобы, якія падчас Другой сусветнай вайны былі забіты на акупіраванай тэрыторыі нямецка-фашысцкімі акупантамі альбо іншымі ваеннымі фарміраваннямі (напрыклад, Украінскай паўстанцкай арміяй, Арміяй Краёвай і інш.). У чацвёртую, найбольш вялікую, групу уваходзяць архіерэі, святары, манахііміране, якія сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій у Савецкім Саюзе у 1920 – 1950-х гг. У гэтую ж групу можна ўключыць і духавенства, забітае ў пачатку хаоса грамадзянскай вайны ў Расіі.

У канцы кнігі змешчаны дадатак, дзе друкуюцца рознабаковыя дакументы аб жыцці і дзейнасці спаведнікаў Гродзенскай епархіі. Сярод гэтыхматэрыялаў – успамінымясцовыхжыхароў ці сваякоў аб служэнні і пакутніцкім лёсе святароў ў той ці іншай мясцовасці, дакументы з прыхадскіх і дзяржаўных архіваў, газетныя карэспандэнцыі і інш. Некаторыя з дакументаў упершыню ўводзяцца ў навуковы ўжытак. Таксама ў кнізе прадстаўлена даволі значная колькасць фотаздымкаў з Інтэрнэта, прыватных збораў, архіваў і часопісаў.

Хачу выказаць шчырую ўдзячнасць усім, хто аказваў дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага выдання. Асаблівая падзяка гродзенскаму благачыннаму – протаіерэю Аляксандру Велісейчыку, які з’яўляўся ініцыятарам выдання Сінодзіка і шчыра падзяліўся матэрыяламі свайго прыватнага архіва. Таксама словы глыбокай падзякі хочацца выказаць настаяцелю прыхода Успення Прасвятой Багародзіцы в. Капцёўка іерэю Антонію Семілету, настаяцелю прыхода ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы в. Ракавічы іерэю Аляксандру

Грэцкаму, гісторыкам з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы С. Сілавай і В. Чарапіцы за прадастаўленую магчымасць карыстацца іх прыватнымі зборамі і прыхадскімі архівамі; гісторыкам і краязнаўцам А. Арлукевічу, С. Амелька, М. Быхаўцаву, Л. Лаўрэшу за дапамогу ў падборы матэрыялаў і фотаздымкаў. Без Вашай шчырай падтрымкі гэтая кніга не пабачыла б свету.

Выданне Сінодзіка не ставіць кропку ў справе пошуку інфармацыі аб духавенстве Гродзенскай епархіі, беспадстаўна рэпрэсаваным ў ХХ стагоддзі. Спадзяемся, што гэтая кніга дапаможа краязнаўцам, прафесійным гісторыкам, прыхадскім святарам не толькі раскрыць малавядомыя старонкі гісторыі той ці іншаймясцовасці, але і стварыць магчымасць для пошуку і адкрыцця новых імёнаў, якія да сённяшняга часу знаходзяцца ў забыцці. Прапануем чытачам дасылаць свае водгукі, прапановы ці любую інфармацыю пра рэпрэсаваных свяшчэнна- і царкоўнаслужыцеляў з Гродзеншчыны на электроную пошту аўтара: litvin_horny@tut.by. Толькі разам мы зможам аднавіць памяць аб навамучаніках нашай зямлі і перадаць вопыт іх пакутніцкага подзвігу наступным пакаленням.

Аляксандр Горны.

     

СЛОВА ДА ЧЫТАЧА

Для нас памяць пра подзвіг навамучанікаў і вызнаўцаў – гэта вялікая каштоўнасць. Услаўленне людзей, якія засталіся верныя Хрысту, можа аказаць вялікі ўплыў на нашых сучаснікаў. Сёння мы слабыя і не паказваем вернасці Богу. А яны ў страшных акалічнасцях жыцця праявілі вернасць Хрысту і Царкве. Яны не валодалі талентамі старажытных святых: Дзімітрыя Салунскага, Кірыла Тураўскага, Еўфрасінні Полацкай. Навамучанікі былі звычайнымі людзьмі, якія сталі на адзін узровень са старажытнымі святымі. Таму так важна захаваць памяць пра іх, якая, на жаль, часта замоўчваецца, аддаецца забыццю, як і тэма ганенняў на Царкву. І гэта вельмі страшна. Урок, які атрымаў наш народ у ХХ стагоддзі, уражвае! Браты забівалі братоў, дзеці бацькоў, бо страцілі любоў адзін да аднаго і перасталі бачыць адзін у адным вобраз Божы. У наш час, калі адбываецца падмена духоўных каштоўнасцей, дзеецца тое ж самае – нашы суайчыннікі не бачаць адно ў адным вобраза Божага. Пакуль мы не ўсвядомім, што павінны захаваць памяць аб НАВАМУЧАНІКАХ, не навучымся бачыць у блізкіх вобраз Хрыста, ні пра якія поспехі ў нас гаворкі быць не можа. Я кажу нават не пра поспехі ў духоўным жыцці, а проста аб жыцці паўсядзённым або аб годным месцы нас сярод другіх народаў.

Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён (Алфееў) у адным са сваіх слоў сказаў: «Перш за ўсё нам трэба навучыцца называць рэчысваімі імёнамі. Калі людзі спрабуюць прымірыць тых, што некалі варагавалі, людзей, якія стаялі па розныя бакі барыкад, шляхам скажэння гісторыі, адмаўлення гістарычных фактаў – гэта шлях у нікуды. Калі былі рэпрэсіі і нявінныя ахвяры, мы павінны пра гэта казаць. Гаворка ідзе пра мільёны загубленых жыццяў, кожная з якіх мае абсалютную каштоўнасць». І вось гэтая праца – з'яўляецца спробай не толькі малітоўна памянуць памяць верных Хрысту, але і паказаць усім нам надзейныя духоўныя арыенціры.

Арцемій,
архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі.

     

Фрагмент №1 кнігі АЛЯКСАНДРА ГОРНАГА «Сінодзік пацярпелых за веру і Царкву Хрыстовую ў Гродзенскай епархіі (ХХ стагоддзе)»
Фрагмент №2 кнігі АЛЯКСАНДРА ГОРНАГА «Сінодзік пацярпелых за веру і Царкву Хрыстовую ў Гродзенскай епархіі (ХХ стагоддзе)»
Фрагмент №3 кнігі АЛЯКСАНДРА ГОРНАГА «Сінодзік пацярпелых за веру і Царкву Хрыстовую ў Гродзенскай епархіі (ХХ стагоддзе)»
Фрагмент №4 кнігі АЛЯКСАНДРА ГОРНАГА «Сінодзік пацярпелых за веру і Царкву Хрыстовую ў Гродзенскай епархіі (ХХ стагоддзе)»
Фрагмент №5 кнігі АЛЯКСАНДРА ГОРНАГА «Сінодзік пацярпелых за веру і Царкву Хрыстовую ў Гродзенскай епархіі (ХХ стагоддзе)»

     

Спампаваць выданне цалком