Выдавецтва

«ЮрСаПрынт»

Гародня

Нашы
графа/
Шаманствы

26 сакавика
2019 года

Васіль
Герасімчык
«ЛЕГЕНДЫ
НЕ
СТАРОЙ
ГАРОДНІ»

Выдавецтва «ЮрСаПрынт»: Photo by Mashudi Soedjono on Unsplash
26 САКАВІКА, 2019

«ЛЕГЕНДЫ НЕ СТАРОЙ ГАРОДНІ»

     

Якое прозвішча маюць нашчадкі караля Стэфана Баторыя, што жывуць у Гродне? Дзе ў нашым горадзе было любімае месца самагубцаў? Адкуль паходзіць назва Фолюш?.. Адказы на гэтыя ды шматлікія іншыя пытанні даюцца ў новай кнізе Андрэя Павача “Легенды не старой Гародні”. У ёй упершыню сабрана больш 200 гродзенскіх легенд і паданняў.

Фрагмент №1 книги Андрея Павача «Легенды не старой Гародні»: офорт Ивана Русачека

Кніга складаецца з сямі раздзелаў. Першы – “На гарадзенскай брукаванцы” – прысвечаны паходжанню мясцовых тапонімаў. Напрыклад, ці ведаеце вы, што сённяшняя вуліца Парыжскай камуны называлася калісьці Курган? Што ў Гродна акрамя Сабачай, была яшчэ і Залатая горка? Што ў Ласасянцы каля Гародні лавілі самых вялікіх і смачных ласосяў ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім? Або дзе знаходзіцца месца, у якім восенню 1939 года савецкія жаўнеры растралялі некалькі дзясяткаў гімназістаў – апошніх абаронцаў горада?

Другі раздзел – “Рыцары, дойліды ды… малпачка” – распавядае легенды і паданні, звязаныя з Сярэднявеччам. Тут і легенды пра Давыда Гарадзенскага і вялікага князя Вітаўта, пра тры крыжацкія замкі побач з Гродна, а таксама апавяданні пра Барысаглебскую царкву, у абрушэнні часткі якой у Нёман у 1853 годзе гарадзенцы ўбачылі дурны знак. І сапраўды, хутка пачалася Крымская вайна, якая скончылася для Расійскай імперыі катастрофай. З гэтага раздзела можна даведацца дзе, на думку гісторыка Юзафа Ядкоўскага, у Гародні прыносілі ахвяры старажытнаму боству Гардуніцісу або Гардунцісу? Хто такі гродзенскі князь Патрык і чым ён знакаміты?

Трэці раздзел – “Каралеўскі дом” – прысвечаны падземным хадам, самым знакамітым мясцовым чараўнікам. А таксама ўзгадвае пра тое, як дзякуючы Гродна ў Вялікім княстве Літоўскім яшчэ напрыканцы XVI стагоддзя легалізавалі “чорных капальнікаў”, чым адметная лава ў капліцы ў Фарным касцёле. Да таго ж ці ведаеце вы, што алень з’яўляецца сімвалам не толькі Святога Губерта, але і яшчэ аднаго святога, прыняўшага пакутніцкую смерць, які таксама лічыцца апекуном паляўнічых?

Чацвёрты раздзел – “Госці. Званыя ды не вельмі” – распавядае пра легенды, звязаныя з вядомымі асобамі, якія пабывалі ў нашым горадзе: Антоній Тызенгаўз, Пётр І, Напалеон Банапарт, Дзяніс Давыдаў ды іншыя. Напрыклад, чыё сэрца ў сярэбранай урне пракрочыла праз Гродна ў жалобным цягніку?

Пяты раздзел – “Людзі ды кветкі з-над Нёмана” – расказвае ужо пра гарадзенскіх знакамітасцяў, у тым ліку пра шулера Міхала Валіцкага, Элізу Ажэшку, або папулярнага ў свой час Нахумка, гродзенскіх дактароў.

Шосты раздзел – “Доўгая, доўгая дарога” – прысвечаны разнастайным гродзенскім будынкам. Таксама адсюль можна даведацца, у сувязі з чым у горадзе казалі “Зялёная, але – цухне”? Хто такія гродзенскія бочкавозы? Або якія дынастыі злачынцаў дзейнічалі ў Гародні і хто былі самыя вядомыя гродзенскія бандыты?

Апошні, сёмы раздзел – “Нашыя байкі” – распавядае пра гродзенскіх дзівакоў і дзівацтвы розных часоў.

На старонках кнігі не толькі вядомыя асобы або будынкі, а таксама малавядомыя куткі нашага горада ды простыя гарадзенцы.

     

Фрагмент №2 книги Андрея Павача «Легенды не старой Гародні»: офорт Ивана Русачека

Хібы прафесіі

“Гуманізм гуманізмам, але ж нехта павінен прысуд выконваць. Горш, калі сам кат аказваўся злачынцам і яго трэба было неяк пакараць. У 1669 годзе падчас сваркі загінуў гарадзенскі кат Марцін Загурскі. Загінуў ад рук свайго ж памочніка Мацея Грабоўскага. Што сталася прычынай сваркі, да канца не вядома, але ж тое і не вельмі істотна. Казалі, быццам бы гэта Загурскі першым кінуўся на Грабоўскага са зброяй. Як бы там ні было, суддзі прыгаварылі памочніка да смерці, аднак… перадумалі. У выніку забойца павінен быў даглядаць жонку забітага ды надалей сам выконваць абавязкі гарадскога ката”.

     

Франуся

“Франуся была адной з гарадзенскаіх прыгажунь. Адзін з тагачасных мемуарыстаў пакінуў нам апісанне яе выгляду падчас “рэдуты”: Франуся была “апранута з празмернай модай […]. Ножкі ў яе босыя, а на ўсіх пальцах ног аздобленыя дарагімі камянямі пярсцёнкі... на ёй не было кашулі, толькі сукенка з нейкай вельмі лёгкай тканіны, паднятая на правай назе гірляндай вышэй калена, грудзі цалкам адкрытыя, зусім не аслоненыя...”. Нічога дзіўнага, што расійскі генерал П. Цыцыянаў, які якраз бавіў час у Гародні ў якасці дыпламата, без памяці закахаўся ў мясцовую прыгажуню. Злыя языкі, праўда, казалі, быццам Франуся зрабілася палюбоўніцай расійскага саноўніка з ведама мужа, а само захапленне каштавала П. Цыцыянаву амаль 30 тысяч рублёў – фантастычную па тых часах суму, а разумная прыгажуня разам з мужам улажыла гэтыя грошы ў каштоўнасці і мэблю”.

     

Страшнае месца

“Жыхары шматпавярховага дома побач з вайсковымі могілкамі ўзрушана распавядаюць наступнае паданне: “Тут усё стаіць на касцях... Калі дом будавалі, то выявілі цынкавую труну. Казалі, што загінулым быў нейкі Аляксандр. Павезлі гэтую труну ў невядомым кірунку. А калі людзі сталі засяляцца ў дом, пачаліся кашмары. Сталі паміраць Сашы – адзін за адным. Хтосьці выскачыць з акна, кагосьці машына саб’е. Усяго пяць або сем мужчын. З часам мы сталі клікаць святароў, каб яны ў доме правялі малітву і асвяцілі яго. На працягу трох гадоў яны да нас хадзілі, а потым праклён знік…”.

     

Дзіўныя справы

Некаторыя рэчы сапраўды вельмі цяжка патлумачыць. Вось, напрыклад, гарадскі “дом умалишенных” – псіхбальніца больш чым восем дзесяцігоддзяў існавала ў самым цэнтры Дварцовай, ці Губернатарскай, плошчы.
Адным словам, шалёныя жылі літаральна ў двух кроках ад дома гарадзенскага губернатара і назіралі за кожным яго крокам. Ды – наадварот! Установа была сумная і адначасова дастаткова вясёлая. Лекары не мелі ніякіх сучасных псіхатропных сродкаў, і хворых проста трымалі быццам у заключэнні. Летам яны спявалі і крычалі праз адчыненыя вокны, што стварала дзіўнае суседства дзяржаўным установам на плошчы. Псіхбальніцу прыбралі з гэтага дома толькі пасля вайны, падабраўшы для яе не менш каларытнае месца ў былым брыгіцкім кляштары. А ў будынку на плошчы Леніна размясціўся… гаркам партыі!

     

Астатнія з больш двух соцень легенд і паданняў чытайце на старонках кнігі “Легенды не старой Гародні”.

Андрэй Павач - гарадзенскі гісторык, аўтар кніг “Под крылом Коложи”, “Красная книга Гродно”, “Шпацыр па Гародні”.

     

Васіль Герасімчык,
26 сакавіка, 2019 г.

Фрагмент №2 книги Андрея Павача «Легенды не старой Гародні»: офорт Ивана Русачека